ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,

дадатная тэктанічная структура на Пд Рускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр. ПдЗ еўрап. ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗ Аршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і Пд Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэкгагенезу (гл. ў арт. Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.

У.І.Шкуратаў.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)